Спражэнне
Спражэ́нне — гэта:
- змяненне дзеясловаў па асобах, часах, ладах, ліках і родах (у прошлым часе і ўмоўным ладзе).
- cукупнасць дзеясловаў, якія маюць аднолькавыя асаблівасці словазмянення ў залежнасці ад характару асновы[1].
У беларускай мове
правіцьУ сучаснай беларускай мове ў залежнасці ад характару асабовых канчаткаў адзіночнага і множнага ліку цяперашняга і будучага простага часу вылучаюць два тыпы спражэння дзеясловаў — першае (I) і другое (II)[2].
| I спражэнне | II спражэнне | |||
|---|---|---|---|---|
| асоба | адзіночны лік | множны лік | адзіночны лік | множны лік |
| 1-я | -у (-ю) | -ём (-ем, -ом, -ам) | -у (-ю) | -ім (-ым) |
| вяд-у, пяк-у, бераг-у |
вядз-ём, пяч-ом, бераж-ом |
ста-ю, маўч-у, хадж-у |
ста-ім, маўч-ым, ходз-ім | |
| 2-я | -еш (-эш, -аш) | -еце (-яце, -аце) | -іш (-ыш) | -іце (-ыце) |
| вядз-еш, пяч-эш, бераж-эш |
ведз-яце, печ-аце, бераж-аце, |
ста-іш, маўч-ыш, ходз-іш |
ста-іце, маўч-ыце, ходз-іце | |
| 3-я | -е (-э, -а) | -уць (-юць) | -іць (-ыць) | -аць (-яць) |
| вядз-е, пяч-э, бераж-э |
вяд-уць, пяк-уць, бераг-уць |
ста-іць, маўч-ыць, ходз-іць |
ста-яць, маўч-аць, ходз-яць | |
Для дзеясловаў I спражэння характэрна чаргаванне заднеязычных к — ч (пяку — пячэ), г — ж (берагу — беражэш)[2].
Для дзеясловаў II спражэння характэрна чаргаванне канцавых зычных асновы [в’] — [ўл’] (лавіць — лаўлю), [ф’] — [фл’] (графіць — графлю), [п’] — [пл’] (купіць — куплю), [м’] — [мл’] (карміць — кармлю), [ц’] — [ч] (ляцець — лячу), [дз’] — [дж] (вадзіць — ваджу), [с’ц’] — [шч] (расціць — рашчу), [з’] — [ж] (вазіць — важу), [с’] — [ш] (касіць — кашу)[2].
Спражэнні лёгка вызначаюцца, калі ў асабовых формах націск знаходзіцца на канчатку. Тып спражэння дзеясловаў з ненаціскным канчаткам вызначаюць па інфінітыве. Да II спражэння адносяць дзеясловы з інфінітывам на -іць (-ыць), дзе -і-, -ы- суфіксы (выключэнне складаюць непрадуктыўныя дзеясловы з аднаскладовай асновай і ўтвораныя ад іх: піць, біць, ліць, віць, брыць, выць, крыць, мыць, ныць, рыць, шыць і інш.), дзеясловы на -аць (-яць) тыпу гнаць, спаць, ламаць, залежаць, стаяць, баяцца і на -эць (-ець), калі -э (-е) не захоўваюцца ў 1-й асобе адзіночнага ліку цяперашняга часу: глядзець (гляджу), сядзець (сяджу), ляцець (лячу); выключэнне — дзеяслоў I спражэння хацець[1].
Астатнія дзеясловы належаць да I спражэння.
Дзеяслоў бегчы рознаспрагальны: формы 3-й асобы множнага ліку цяперашняга (будучага простага часу) утвараюцца па мадэлі I спражэння: бягуць, а ўсе астатнія асабовыя формы — па мадэлі II спражэння (бягу, бяжыш, бяжыць, бяжым, бежыце)[1].
Па асобых тыпах змяняюцца тры дзеясловы: быць, есці, даць. У цяперашнім часе дзеяслоў быць мае для ўсіх асоб форму ёсць. Дзеясловы есці і даць змяняюцца па старажытным нетэматычным (атэматычным) спражэнні[1]:
| асоба | адзіночны лік | множны лік |
|---|---|---|
| 1-я | -м | -ім |
| е-м, да-м |
ядз-ім, дадз-ім | |
| 2-я | -сі | -сце |
| я-сі, да-сі |
я-сце, да-сце | |
| 3-я | -сць | -уць |
| е-сць, да-сць |
яд-уць, дад-уць |
Крыніцы
правіць- ↑ а б в г Спражэнне // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 121. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- ↑ а б в Спражэнне // Беларуская мова : энцыклапедыя / пад рэд. А. Я. Міхневіча. — Мн.: БелЭн, 1994. — С. 529. — 654 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-126-9.
Літаратура
правіць- Спражэнне // Беларуская мова : энцыклапедыя / пад рэд. А. Я. Міхневіча. — Мн.: БелЭн, 1994. — С. 529. — 654 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-126-9.